Даследаванні

Кафедра беларусазнаўства займаецца даследаваннямі ў галіне беларускага фальклору, польска-беларускага моўнага памежжа, польска-беларускіх літаратурных сувязяў, літаратурнай творчасці пісьменнікаў-эмігрантаў, ролі беларускае эміграцыі ў абароне роднае мовы, творчасці беларускіх пісьменнікаў у Польшчы, глотадыдактыкі, гісторыя беларускае літаратуры і г.д.

Вынікі даследавання презентуюцца на міжнародных навуковых канферэнцыях, арганізаваных Кафедрай, на канферэнцыях, якія арганізуюць беларускія навуковыя ўстановы ў Рэспубліцы Беларусь, на канферэнцыях, арганізаваных польскімі навуковымі ўстановамі, а таксама як публікацыя манаграфій, артыкулаў у часопісах, якія займаюцца ўсходнеславянскай праблематыкай.

Кафедра беларусазнаўства падтрымлівае навуковыя кантакты з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам, Полацкім дзяржаўным універсітэтам і Беларускай нацыянальнай акадэміяй навук. Супрацоўнікі Кафедры ўдзельнічаюць у Міжнародных навуковых канферэнцыях, якія арганізоўваюць вышэйзгаданыя ўстановы. Кафедра падтрымлівае навуковыя і асабістыя кантакты з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку і Беларускай бібліятэкай імя Францішка Скарыны ў Лондане.

У пачатку 2005 года Варшаўскі ўніверсітэт падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам у Мінску. Праграма супрацоўніцтва прадугледжвае шырокі ўдзел Кафедры беларусазнаўства ў даследаваннях польска-беларускага моўнага памежжа, а таксама фальклору і этнаграфіі памежжа.

19 ліпеня 2010 г. было падпісана „Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Варшаўскім універсітэтам (Рэспубліка Польшча) і Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі (Рэспубліка Беларусь)”, а таксама „Праграма супрацоўніцтва”.