ГІСТОРЫЯ

Кафедра беларусістыкі з’яўляецца навукова-дыдактычнай адзінкай факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Як самастойная адзінка кафедра заснавана Міністэрствам вышэйшай адукацыі ў 1956 годзе. У выніку рэарганізацыі факультэта ў 1969-1975 гадах кафедра функцыянавала як аддзяленне беларускай філалогіі, пазней зноў як кафедра беларускай філалогіі, а з 2005 года як кафедра беларусістыкі (Пастанова № 307 Сената Варшаўскага ўніверсітэта ад 16 сакавіка 2005 года). На працягу больш як пяцідзесяці гадоў дзейнасці кафедра падрыхтавала шмат філолагаў- беларусістаў. Мае кафедра і прызнаныя ў навуковым свеце даследчыцкія дасягненні.

Ініцыятарам стварэння, арганізатарам і шматгадовым (да 1971 года) загадчыкам кафедры (і аддзялення) была прафесар доктар габілітаваная  Антаніна Абрэмбска-Яблоньска  (1901-1994) – выдатная славістка, аўтарка шматлікіх прац з галіны славянскага мовазнаўства, а таксама, разам з М. Бірылам, рэдактарка адзінага аж да 2005 года “Падручнага польска-беларускага слоўніка” (выдадзенага ў 1962 годзе выдавецтвам Wiedza Powszechna). У стварэнні і фарміраванні пачаткаў кафедры каштоўную дапамогу аказаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінску, які, між іншым, перадаў кафедры вялікую колькасць кніг па беларускай філалогіі, а таксама, пры патрэбе, дэлегаваў сваіх супрацоўнікаў для аказання падтрымкі ў дыдактыцы.

   У 1971-1975 гадах справу прафесара А. Абрэмбскай-Яблоньскай працягвала вядомая беларусістка і паланістка прафесар доктар габілітаваная Эльжбета Смулкова (нар. у 1931 годзе), даследчыца польска-беларуска-літоўскага моўнага памежжа, а таксама першая амбасадар ПР у Беларусі. Прафесар Эльжбета Смулкова да гэтага часу звязаная з Варшаўскім універсітэтам і, працуючы ў інстытуце інтэрдысцыплінарных даследаванняў  „Artes Liberales”, нязменна падтрымлівае польскую беларусістыку, працягваючы даследаваць памежжа.

  У 1975-2004 кафедрай кіраваў прафесар доктар габілітаваны Аляксандр Баршчэўскі (нар. у 1930 годзе), гісторык літаратуры, даследчык польска-беларускіх літаратурных сувязей і беларускай эміграцыйнай літаратуры. Прафесар А. Баршчэўскі працаваў на кафедры з моманту яе ўтварэння, падтрымліваючы не толькі развіццё адзінкі, але і выхоўваючы маладых спецыялістаў у галіне беларусістыкі і ўсталёўваючы кантакты кафедры з іншымі навукова-дыдактычнымі асяродкамі і грамадскімі арганізацыямі. Яго дасягненні на ніве мастацкай літаратуры (А. Баршчэўскі з’яўляецца аўтарам некалькіх зборнікаў паэзіі, кнігі ўспамінаў, шматлікіх перакладаў з беларускай мовы, сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў) дазволілі кафедры ўстанавіць кантакты і з прадстаўнікамі мастацтва.  Сваім досведам і ведамі прафесар А. Баршчэўскі падтрымлівае працаўнікоў і студэнтаў кафедры. 

   З кастрычніка 2004 года па 2009 год функцыю загадчыка кафедры беларусістыкі выконваў доктар габілітаваны, прафесар ВУ Мікалай Цімошук, знакаміты русіст, які займаецца перадусім руска-беларускімі лексікалагічнымі і лексікаграфічнымі даследаваннямі.  Прафесар М. Цімошук з’яўляецца аўтарам, сярод іншага, высока ацэненых руска-польскіх і польска-рускіх слоўнікаў, развівае польскую беларусістыку, даследуючы лінгвістычныя аспекты помнікаў беларускай пісьменнасці. Ягонай рупнасцю на працягу пяці гадоў павялічылася колькасць працаўнікоў кафедры беларусістыкі і быў адноўлены студэнцкі абмен з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. Прафесар М. Цімошук працаваў на кафедры да ліпеня 2017 года.  

   З кастрычніка 2009 да мая 2014 года функцыю загадчыка кафедры беларусістыкі выконвала доктар габілітаваная, прафесар ВУ Ніна Баршчэўская, мовазнаўца, даследчыца, між іншым, гісторыі беларускай мовы, мовы беларускай эміграцыі  і праблем моўнага памежжа. Працягваючы традыцыю сваіх папярэднікаў, прафесар Н. Баршчэўская шмат увагі прысвячала развіццю знешніх кантактаў кафедры і навуковаму дасканаленню яе працаўнікоў. 

З мая 2014 года абавязкі загадчыка кафедры беларусістыкі выконвала доктар Катажына Дрозд, літаратуразнаўца, даследчыца сучаснай беларускай літаратуры і культуры. Доктар Катажына Дрозд развівала ініцыятывы ў галіне пашырэнне дзейнасці кафедры беларусістыкі на міжуніверсітэцкім узроўні, а таксама яе прамоцыю сярод школьнікаў.

Функцыю намесніка загадчыцы кафедры выконваў доктар Радаслаў Калета (12.2014–09.2016).

З верасня 2016 да кастрычніка 2018 года загадчыка кафедры зноў была прафесар Ніна Баршчэўская, пасля адыходу якой на пенсію ў 2018 годзе абавязкі загадчыка кафедры  з кастрычніка 2018 па верасень 2019 года выконвала доктар Вольга Трацяк, мовазнаўца, даследчыца тапаніміі і моўнага памежжа. Функцыю намесніка кіраўніка кафедры выконвала ў гэты час доктар Анна Рэндзёх-Коркуз, мовазнаўца. З кастрычніка 2019 года кафедрай кіруе доктар габілітаваны Радаслаў Калета, мовазнаўца i глотадыдактык. 

На працягу 35 гадоў кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта была адзінай беларусазнаўчай універсітэцкай навукова-дыдактычнай адзінкай за межамі Беларусі. Гэты факт быў істотны ў справе адкрыцця паланістык у дзяржаўных універсітэтах у Брэсце, Гродне і Мінску. Кафедра Беларусістыкі шмат гадоў супрацоўнічае з такімі беларускімі навуковымі інстытуцыямі, як Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінску, дзяржаўныя ўніверсітэты ў Гомелі, Полацку і Віцебску, Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў (Мінск), Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Акрамя гэтага, кафедра падтрымлівае цесныя навуковыя сувязі з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, а таксама з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны  ў Лондане. Па ініцыятыве тагачаснага намесніка загадчыка кафедры беларусістыкі доктара Радаслава Калеты былі наладжаныя кантакты з Інстытутам усходнееўрапейскіх даследаванняў Карлава ўніверсітэта ў Празе. Стараннямі кіраўніцтва кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта была падпісана двухбаковая дамова (пачала дзейнічаць у акадэмічным годзе 2016/2017) у рамках праграмы Erasmus, якая дае магчымасць студэнтам і супрацоўнікам атрыманне стыпендыі.  27 мая 2019 года Варшаўскі ўніверсітэт падпісаў двухбаковую дамову з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, якая дае магчымасць студэнцкага і выкладчыцкага абмену. Ініцыятаркай наладжвання супрацоўніцтва з універсітэтам у Гродне была доктар Вольга Трацяк. 

Навуковая дзейнасць супрацоўнікаў кафедры вядзецца на розных абшарах і датычыць даследаванняў у напрамках: усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны, лексікаграфіі польска-беларускага моўнага памежжа, двухмоўнай лексікаграфіі, мікратапаніміі паўночна-ўсходняй Польшчы, беларускага фальклору Беласточчыны, сучаснай беларускай мовы і яе гісторыі, беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, адносін беларускай дыяспары да ролі і месца мовы ў жыцці народа, эміграцыйнага літаратурнага руху, сучаснай беларускай літаратуры і яе гісторыі, транслаторыкі, методыкі навучання беларускай мовы як замежнай. Вынікам гэтых даследаванняў з’яўляюцца шматлікія манаграфіі, слоўнікі, артыкулы, якія публікуюцца ў польскіх і замежных часопісах, падручнікі і скрыпты. 

З 1 снежня 2015 года дзейнічае Майстрэня беларусістычнай глотадыдактыкі.

На працягу шматлікіх гадоў на кафедры вучыліся і працавалі шмат асоб, якія сёння з’яўляюцца прызнанымі аўтарытэтамі ў свеце навукі. Менавіта з нашай кафедры паходзяць некалькі прафесараў-беларусістаў з навуковым званнем прафесара ў Польшчы. З нашай кафедры паходзяць таксама 4 дактароў габілітаваных, дзевяць дактароў і каля чатырохсот магістраў, якія да гэтага дня паспяхова працуюць у звязаных з Беларуссю школах, культурных арганізацыях, таварыствах, СМІ і інш.

Працаўнікі кафедры актыўна ўдзельнічаюць у дзяржаўным і міжнародным навуковым жыцці, удзельнічаюць у канферэнцыях і кангрэсах (славістычных і беларусазнаўчых), публікуюць працы ў часопісах і калектыўных манаграфіях у краіне і за яе межамі. Па ініцыятыве кафедры беларусістыкі з 1993 года арганізуецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці”. Матэрыялы гэтай канферэнцыі друкуюцца ў штогодніку „Acta Albaruthenica”. На кафедры распрацоўваюцца і ўдасканальваюцца праграмы навучання, праграмы прадметаў, метадычныя выданні, акадэмічныя і школьныя (для школ усіх узроўняў) падручнікі, вядзецца лексікаграфічная і выдавецкая праца. Пачынаючы з акадэмічнага года 2014/2015, ідучы насустрач патрэбам студэнтаў і рынку працы, кафедра адкрыла набор на новую праграму па спецыяльнасці беларуская філалогія з рускай і англійскай мовай, якія ў 2019 годзе была мадыфікаваная ў праграму беларуская філалогія з англійскай мовай. Пад апекай нашых прафесараў былі абароненыя шматлікія кандыдацкія дысертацыі ў галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства. Наступныя дысертацыі ўжо рыхтуюцца, што забяспечвае кадравую пераемнасць і развіццё нашай адзінкі.

Дзякуючы напрацаванай гадамі сямейнай атмасферы, пазітыўнаму настрою супрацоўнікаў і часамі неверагоднай крэатыўнасці нашых студэнтаў, адносіны паміж выкладчыкамі і будучымі філолагамі складваюцца вельмі прыязныя адносіны.  Студэнты беларускай філалогіі часта ініцыююць важныя мерапрыемствы культурнага ці навуковага характару, а іх рэалізацыю заўжды ахвотна падтрымліваюць супрацоўнікі кафедры. Аб’яднаныя ў 2000 годзе ў Міжфакультэцкае навуковае таварыства „Albaruthenica” або Студэнцкае самакіраванне, маладыя адэпты навукі не толькі супрацоўнічаюць з перадавымі недзяржаўнымі арганізацыямі на карысць Беларусі і Польчшы, арганізуюць самастойныя  навуковыя экспедыцыі ў Беларусь, але і ўдзельнічаюць у папулярызацыі беларусазнаўчых даследаванняў, сярод іншага, шляхам арганізацыі студэнцка-аспіранцкіх канферэнцый. Больш матэрыялаў пра кафедру беларусістыкі [тут].